Сяргей Пясецкі
ЯБЛЫЧАК
Менская трылогія.
Кніга першая

.

.

Хто з вас без граху, хай першы кіне ў яе камень.

Евангелле паводле Яна, 8:7

.

УСТУП АЎТАРА

У рамане «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» я апісаў жыццё кантрабандыстаў. У маіх творах «Пяты этап» і «Багам ночы роўныя» паказаная праца шпіёнаў на тэрыторыі Расеі. У трылогіі «Яблычак», «Гляну я ў акно…», «Ніхто дабром не дасць збаўлення…» я знаёмлю са светам прафесійных злачынцаў. Каб мяне правільна зразумелі — а гэтага я раней не зведаў, — цяпер я даю кароткі ўступ.

Гэтыя тры раманы, зрэшты, як і папярэднія, не маюць у сабе амаральнасці. Некалі я падрабязней напішу пра гэта. Можа, некаторыя людзі захочуць назваць іх «злачыннай акадэміяй». Я ў сваю чаргу назваў бы іх «акадэміяй барацьбы са злачынствамі і злодзеямі», дзе выкладаецца іхняе жыццё, звычаі, філасофія, законы, «этыка» і метады працы… Прафесійныя злодзеі ведаюць пра «фраераў» усё. «Фраеры» пра іх — вельмі мала. Злачынцам мае кнігі не патрэбныя. Псіхолагі і крыміналісты даведаюцца з іх шмат.

«Яблычак», «Гляну я ў акно…», «Ніхто дабром не дасць збаўлення…» — гэта шосты, сёмы і восьмы раман у маім творчым здабытку. Другі раман, «Жыццё раззброенага чалавека», і чацвёрты, пад назвай «Дарога пад мур», я доўга яшчэ не апублікую з «эгаістычных» прычынаў.

«Яблычак» я пісаў падчас нямецкай акупацыі на Віленшчыне ў розныя часавыя адрэзкі з 1941 года. Твор я закончыў у студзені 1944 года. Здаралася, што часам я спыняўся на палове сказу і потым не вяртаўся да рукапісу шмат месяцаў праз не залежныя ад мяне прычыны. Працу над другім раманам, «Гляну я ў акно…», напісаным на тры чвэрці, я перарваў 30 траўня 1944 года. Мне б вельмі хацелася закончыць гэтую тэму, таму цяпер дапішу «Гляну я ў акно…», а потым вазьмуся за напісанне «Ніхто дабром не дасць збаўлення…».

Гэтыя раманы ахопліваюць перыяд з ранняй вясны 1918 года да канца лета 1919-га. Дзеянне адбываецца ў Менску-Літоўскім, які ў той час зрабіўся прыстанкам шмат для каго з абшараў былой Расейскай імперыі і… Еўропы. Горад быў цэнтрам Еўропы, якую ахапіла вайна. Менск зведаў як нямецкую, так і бальшавіцкую акупацыю. Ёсць тут аналогія з нямецкай і савецкай акупацыяй сучаснай Польшчы.

Герой раману Аляксандр Баран — гэта праўдзівая асоба. Ён паходзіў з Вільні і сапраўды меў такое прозвішча. Яго расстралялі летам 1919 года ў Менску на Камароўцы. Паўлінка Хурдзіч таксама існавала насамрэч, але ейнае сапраўднае прозвішча было Запольская, і яна была родам з Вільні. У 1921 годзе я знайшоў там яе сям’ю.

Прытоны і злодзеі, апісаныя ў кнізе, пераважна рэальныя. Прыгоды напалову праўдзівыя. Тут ёсць дастаткова фантазіі, але няма нічога з паветра. Усё напісанае ўзнікла з нечага, што я сам перажыў або пачуў у турмах ці на свабодзе.

Я пісаў гэтыя творы з думкаю пазнаёміць людзей з іхнымі братамі, якія апынуліся на жыццёвай узбочыне, і дапамагчы тым няшчаснікам, прыніжаным і зняважаным, жыццё якіх поўнае трагізму.

Назвы раманаў паходзяць ад словаў з песень. «Яблычак» — гэта «гімн і сцяг» усіх тых, каго пакрыўдзіў камунізм, злодзеяў і сумленных, якія нечакана аказаліся разам у адным становішчы — загнаных і прыбітых звяроў. «Гляну я ў акно…» — гэта малавядомая арыгінальная зладзейская песня, крыху нават камічная сваім услаўленнем зладзейскага «гонару». «Ніхто дабром не дасць збаўлення…» — пачатак другога куплету расейскай версіі «Інтэрнацыяналу». Гэтым людзям ніхто не прынясе збаўлення і ніхто іх не выратуе, апрача… культуры.

Я неаднаразова меў магчымасць параўнаць этыку і жыццёвыя правілы прафесійных злодзеяў і «аўтаматычна сумленных людзей». Я параўноўваў не вонкавую форму і выгляд, а глыбінны змест. Сумленныя людзі прайграюць пры такіх параўнаннях. Злодзей, які перажыў шмат нягодаў, які нясе свой крыж па сцяжыне, пракладзенай для яго нашымі законамі, пагардай і пераследам, калі мае характар, волю і сэрца, застаецца Чалавекам, хоць і пакрыўджаным. А сумленны чалавек застаецца маральным толькі тады, калі ўсё добра і няма ніякіх выпрабаванняў. У ліхія часы такі «сумленны» аказваецца бруднай анучай, здраднікам і баязліўцам… Вайна, няволя і барацьба за свабоду шмат чаму нас навучылі, і я мяркую, што цяпер мы ў стане лепей і глыбей разбірацца ў людзях.

Няхай гэтая кніга паслужыць гісторыкам, крыміналістам, псіхолагам і сацыёлагам. Няхай яна дапаможа нашым абяздоленым братам нагадаць пра свае правы. Яны, зняслаўленыя, таксама былі на барыкадах, яны таксама змагаліся за свабоду і правы людзей. Яны не заяўлялі пра сваё права на барацьбу. Яны, бяспраўныя, зганьбаваныя і пагарджаныя, змагаліся за вашыя правы. Сярод іх найменш было здраднікаў Народу… а можа, і зусім не было, бо я пра такіх нічога не ведаю. А колькі было паскуднікаў сярод іхных строгіх «суддзяў», дык не варта і пісаць.

Я маю просьбу да тых людзей, якія з прыдыханнем вымаўляюць словы «растрата, раскраданне, прысвойванне, злоўжыванне, правіннасць»: калі ласка, не вылучайце занадта інтанацыяй слова «злодзей». Я ведаю яшчэ страшнейшыя словы: да прыкладу, здраднік, баязлівец, даносчык, ганарлівец, садыст, прыстасаванец, тыран… Праўда можа быць вельмі балючай.

Няхай урэшце ў судах, дзе сытыя і адукаваныя людзі судзяць беднякоў, загнаных імі і жыццём у кут, больш не лопаецца ад смеху д’ябал. Няхай за судзейскім сталом акажацца не надзьмуты раўнадушны ўладальнік дыплома, а Суддзя, Лекар, прадстаўнік Культуры і пасланец Духа. Тады, можа, да вас, фраераў, злодзеі будуць ставіцца з меншай пагардай, а д’ябал засумуе ў пекле… Мне б хацелася, каб на барыкадзе Культуры побач з вамі знайшлі сваё месца таксама прастытутка і злодзей, якія нядаўна поруч з вамі змагаліся за свабоду Народу… Пасля перамогі на гэтай апошняй барыкадзе злодзеяў увогуле не будзе!

«МЕЛАДРАМАТЫЧНЫ», НЕПАТРЭБНЫ ЎСТУП, ЯКІ МОГ БЫ СТАЦЬ ПАЧАТКАМ БІЯГРАФІІ ДАМУШНІКА АЛЯКСАНДРА БАРАНА, КАЛІ Б НЕХТА ЗАХАЦЕЎ АПІСАЦЬ ЯГОНЫ ЛЁС

Жыццёвы світанак Аляксандра Барана быў няўтульны, чорны, халодны, горкі і смуродлівы. Ягоная маці, Андзя Баран, працавала малодшай пакаёўкай у вялікай сям’і багатага расейскага чыноўніка. Андзя нібыта нічога не ўмела, за ёй не былі замацаваныя канкрэтныя заданні, але яна выручала ў працы ўсіх дамачадцаў. Яна была з тых людзей, якіх не заўважаюць, а іхнай працы не шануюць. Усе лічылі, што яна толькі замінае. Калі ж здаралася, што яна разбівала патрэсканую талерку, то гэта прымалі як замах на дабрабыт сям’і. З ёю абыходзіліся пагардліва, глядзелі звысоку і часта незаслужана лаялі. Аднак калі б раптам Андзя прапала, то паўсталі б пытанні: хто мае нанасіць вугалю з падвалу, прынесці дроваў з павеці, вады з калодзежа — а кватэра была на чацвёртым паверсе, — хто мае выкінуць смецце, прыбраць у пакоях, заслаць ложкі, пачысціць абутак і адзенне, некалькі дзясяткаў разоў выскачыць у краму і выканаць мноства іншых паслуг.

З раніцы да ночы дзяўчына бегала па счарнелых сходах вялікай змрочнай камяніцы. Яна шматкроць гойсала па іх туды-сюды, перадусім нешта цягаючы. Сходы маглі б стаць пакутай і начным жахам для гэтай няшчаснай безабароннай душы, але яна — магчыма, кіруючыся інстынктам, — ператварыла іх у атракцыён. Выйшаўшы з кватэры ўлегцы, яна збягала ўніз, пераскокваючы ўраз праз некалькі прыступак. З часам яна набыла такі спрыт, што кожны лесвічны пралёт прамінала за два скокі… Яна потарч ляцела з верхняга памоста ўніз, ледзь дакранаючыся далонню да жалезнай парэнчы, каб захаваць раўнавагу і кірунак. Яна своечасова прызямлялася на ступню другой нагі, адштурхоўвалася дзеля наступнага скоку і апыналася на загіне парэнчаў. Паварот яна мінала з хуткасцю маланкі. Зноў рабіла два скокі і паварот. Праляцеўшы праз паверхі як навальніца, яна залятала ўніз, задыханая, крамяная, з бляскам у вачах — амаль шчаслівая. Яна ўмела таксама з’язджаць са сходаў, слізгаючыся па краях прыступак, абабітых жалезнымі ліштвамі, робячы гэта надзвычай хвацка — на адных абцасах сваіх туфляў. Пры вялікай хуткасці гэта выходзіла як на лёдзе, а яна з’язджала так шпарка, ажно дзяўчыне займала ў грудзях дых… Чым больш ёю пагарджалі, тым больш жвавыя і заўзятыя былі ейныя акрабатычныя выкрутасы на сходах камяніцы. Калі ж яе крыўдзілі асабліва балюча, дзяўчына ў той жа момант што шалёная кідалася па сходах долу, ажно дзіва, як пры гэтым яна не калечылася… Тое былі яе ўяўныя самагубствы якія дапамагалі дзяўчыне захаваць душэўную раўнавагу.

Адзін з жыхароў, які здымаў у камяніцы кватэру, шмат разоў пабачыўшы, як Андзя спрытна насілася па сходах, назваў яе Вавёркай. І гэтая мянушка разляцелася па камяніцы. Ейнае сапраўднае імя забыліся: знікла Андзя, з’явілася Вавёрка, вось толькі ў дзявочым лёсе нічога не палепшылася. У сям’і чыноўніка дзяцей і працы станавілася ўсё больш, і на плечы Андзі паслядоўна і незаўважна перакладалі ўсё больш абавязкаў. «А дзе Вавёрка?.. Вавёрка гэта зробіць… Паклічце да мяне Вавёрку… Гэтая дзяўчына нязносная, яе ніколі няма, калі ёсць праца!» І Вавёрка мусіла штораз жвавей завіхацца ў цесных пакойчыках-клетках, штораз хутчэй скакаць уніз і ўверх па прыступках.