што больш за дыпляматычныя прадстаўніцтвы іншых краінаў

робяць гэтае скопішча будынкаў сталіцай


такім чынам, у Менску я свой ад пачатку

мне давялося

бухаць

з архітэктарамі на Ўсходзе

і зь юрыстамі на Паўднёвым Захадзе

курыць

з двума незнаёмымі тэхнарамі

адразу за дзьвярыма галоўнага ўваходу ў інтэрнат на Сурганава

і з мэталістамі пасьля рэпэтыцыі ў інтэрнаце БДУ на Кастрычніцкай

рэзаць жывую казу

з афрыканцамі

і смажыць дохлую сялёдку

з кітайцамі

ў так званым Дэ-білдынгу на Румянцава

сапраўднай школе мультыкультуралізму

дзе былі прыбіральні з надпісамі «Фор ўайт онлі»

піць піва

ў траіх загадкавых дзяўчат на Карла Маркса

(зь якімі мы пазнаёміліся яшчэ на Крапоткіна,

ледзь ня пАдаючы, падаючЫ з вокнаў у вокны

ня менш загадкавыя сыгналы)


і нават частавацца гарбатай на Сьлясарцы!


а пра біцьцё шкла, пысаў, галоваў і астатняе на Варвашэні

(цяперашняй Машэрава)

я наагул недалікатна прамаўчу

за няменьнем часу

хай лепш раскажуць дзяўчаты

ці мянты

што жылі на паверсе для асабліва адораных


аднак самым першым маім інтэрнатам

быў так званы «парнат» на Макаёнка

зь яго нацыяналістычнымі фрэскамі

рассаднік новай хвалі беларускага адраджэньня

куды нас на пачатку дзевяностых

тры гады запар штовясну засялялі

як школьнікаў-удзельнікаў лінгвістычнай алімпіяды


там мы па малалецтве не бухалі й не займаліся блядзтвам

а толькі пра гэта марылі

кожны па-свойму

скажам, я ў вершаванай форме

нашыя мары неўзабаве спраўдзіліся


калі я на першым курсе

наведаў на год маладзейшых берасьцейскіх дзяўчат

прывезеных на Макаёнка маёй улюбёнай

і навечна закаханай у Менск-Інтэрнацкі настаўніцай

яны ўбачылі, што робіць з колішнімі завучанымі выдатнікамі

гэты рэальны, а не папяровы паралельны поліс

з самым прагрэсіўным і пахуістычным у краіне насельніцтвам –

і некаторыя як у тым анэкдоце

тут жа спалохаліся й перадумалі паступаць –

ня ведаю як яны, але мы пазьней пра гэта

не шкадавалі


5. Краіна Мальбара

Менскі Захад мы называлі Краінай Мальбара


У часы, калі апошняй станцыяй мэтро была Пушкінская

а наступныя шчэ і не будаваліся

гэта тут здымалі кватэры самыя растарможаныя дзеўкі

і самыя прыпісчаныя знаёмыя

з суіцыдальнымі схільнасьцямі

гэта сюды можна было за апошнія грошы

прыехаць а трэцяй ночы на таксі

без папярэджаньня

і застацца да раніцы

пазанаступнага дня

гэта тут люлька міру замяняла сьняданак

а культавы фільм калыханку

адным словам, Захад – ён і ў Менску Захад!

а вуліцы! Адаеўскага, Адзінцова, Прытыцкага!

паэзія!

мы ніколі не запісвалі адрасоў на Захадзе

бо ведалі яго напамяць колькі б ні выпілі

як і некалькі патрэбных нумароў тэлефонаў

на выпадак небясьпекі

дэгідратацыі


Назва «Краіна Мальбара» ўзьнікла спантанна

пад уплывам рэклямных білбардаў з каўбоямі

што нагадвалі шыльды на памежных пераходах

між рэштай Менску і Захадам

а таксама пасьля таго выпадку

калі мы з хлапцамі ў нядзелю ўвечары

акупавалі ў адсутнасьць кораша ягоную хату

і захацелі з нагоды ці то Дзядоў, ці то Гэлаўіна

выпіць як культурныя людзі

гэта значыць пад закусь

набылі з гэтай нагоды курыцу

і ўсьвядомілі, што ня ведаем, як яна гатуецца


я тут жа набраў адзін з нумароў хуткае дапамогі

ён аказаўся нумарам маёй аднагрупніцы

якая жыла паблізу

і якую я да гэтага вечара кахаў толькі плятанічна

а празь дзьве гадзіны курыца была гатовая

хлапцы былі гатовыя

а мы з аднагрупніцай ужо настолькі закаханыя

што пакуль на кухні пад курыцу лілася гарэлка

за здароўе Ўсіх Памерлых

разам з задушэўнымі песьнямі

за ўпакой усіх жывых

мы за сьценкай ніяк не маглі нарадавацца

з доўгачаканай фізычнай блізкасьці

нам заміналі толькі пэрыядычныя выгукі

кшталту «хадземце бухаць, хопіць трахацца!»

«наагул, вы курыцу есьці будзеце?»

і грукат у дзьверы «вы там яшчэ ня скончылі?»

(не, я яшчэ ня скончыў)

і іншыя дробныя непрыемнасьці


На наступны дзень з самай раніцы

паспаўшы хіба паўгадзіны ў аўтобусе

мы сустрэліся на занятках

была ангельская

на тэму «як я правёў выходныя»

да дошкі выйшла мая каханая

і штосьці расказвала

замест выкладчыцы


я ня мог уцяміць ні таго, што яна казала

ні таго, калі яна пасьпела ўсё гэта вывучыць

ні чаму яна пасьля бяссоннай ночы

выглядае так сьвежа, быццам я толькі сьніў усё папярэдняе

можа, гэта ўсё і сапраўды было п’янай галюцынацыяй?

але тут яна раптам зьвярнулася да мяне

і строга па-ангельску прамовіла:

«Шчур, чаму вы ўвесь час усьміхаецеся?

Вы, напэўна, выдатна правялі выходныя?»

на што я, з апошніх сілаў трымаючыся

каб не расплакацца

ад шчасьця й ня выдаць сябе – то бок нас – перад астатнімі

адказаў: «Так,

я быў у Краіне Мальбара».


6. Згвалтаваньне

Найбліжэйшым да нашай «агульнягі» ўнівэрсамам

(сёньня ўжо сказалі б відаць «супэрмаркетам»)

быў «Юбілейны», так званая «Юбілейка»

прынамсі, мы былі ў гэтым перакананыя

бо тады яшчэ не было гугл-мапаў і інтэрнэту


у «Юбілейцы» прадавалі ўсякую шырпатрэбшчыну

зь якой нас цікавіла толькі піва

і беспатрэбшчыну

кшталту розных прысмакаў

але галоўнае што ў «Юбілейцы» ільга было да трэцяй раніцы

стаяць за столікам справа ад уваходу

глядзець нямецкую музычную тэлевізію «Віва Цвай»

і піць разьліўное нямецкае піва «Варштайнэр»

якім мой сябар Мінор, яшчэ адзін вэтэран «парнату» на Макаёнка

і знаўца нямецкай піўной ды іншай культуры

заліваў сваю бясконцую тугу па Нямеччыне

дзе пражыў агулам болей часу чым у Беларусі


гэта Мінор падсадзіў мяне на «Юбілейку»

куды мы потым хадзілі самымі рознымі дарогамі

зь Мінорам і безь Мінора

аднойчы ўв абыход цераз цэнтар

Гарадзкі вал, Раманаўскую слабаду, Кальварыйскую

калі фатаграфаліся паўголыя ў сьнезе

але ў асноўным нацянькі па Варвашэні

цераз Сьвіслач міма так званай «Стэлы»

за якою знаходзіўся лес то бок парк Перамогі

пераходзілі праспэкт Машэрава (цяперашні Пераможцаў –

у Менску праз адсутнасьць фантазіі

ці ня ўсё зьвязанае зь нейкай там перамогай)

і далей паварочвалі на Заслаўскую

увесь паход займаў каля сарака хвілін

і зь яго мы ніколі не вярталіся з пустымі рукамі

пагатоў з пустымі мачавікамі

а папіўшы як сьлед «Варштайнэра»

і затарыўшыся на дагонку «Старажытным» ці «Дражняй»


неяк мы зь Мінорам да позьняй ночы

абмяркоўвалі Фрыдрыха Ніцшэ й Квэнціна Таранціна

і раптам убачылі што піва скончылася

а да нейкіх высноў было яшчэ вельмі далёка

таму пастанавілі працягнуць размову па дарозе на «Юбілейку»

каб закончыць яе ўжо там пад «Варштайнэра»


у суседнім блёку адбывалася тым часам бурлівая п’янка

не пасьпеў Мінор замкнуць дзьверы

як на калідор высунула пысачку дзевачка Іна з Барысава

«Ой, хлопчыкі, а куды гэта вы сярод ночы сабраліся?»

«На Юбілейку», буркнуў Мінор

«Ой, а можна я з вамі?»


мушу сказаць што мне ў адрозьненьне ад Мінора

падабалася дзевачка Іна з Барысава

ня толькі пысачкай але і ўсім астатнім

і я нягледзячы на Міноравы пратэсты

палічыў гэта добрай нагодай бліжэй зь ёю пазнаёміцца


ужо на выхадзе з «агульнягі» мы заўважылі

што дзевачка Іна з Барысава бухая ў вусьцілку

і хацелі адправіць яе дадому

але дзевачка Іна жудасна ўпарцілася

бо вельмі хацела з намі на «Юбілейку»


што язык у дзевачкі Іны заплятаўся – гэта было паўбяды

а вось што запляталіся ногі – гэта было праблемай

тым ня менш мы за трыццаць хвілін сяк-так агоралі палову дарогі

спрабуючы працягнуць дыскусію пра Ніцшэ і Таранціна

і тут недзе ўжо каля «Стэлы» дзевачка Іна з Барысава

раптам перадумала ісьці з намі на «Юбілейку»

бо з намі маўляў нецікава

зрабіла піруэт і хіснулася ў зваротным кірунку


мы зь Мінорам пераглянуліся

разумеючы, што ня можам адпускаць дзевачку Іну

дадому адную ўначы ў ейным стане

пагатоў што да «Юбілейкі» заставалася ўсяго ўжо нічога

нейкія паўдарогі

схапілі паўпрытомную дзевачку Іну за рукі

і сілком пацягнулі яе ў кірунку «Юбілейкі»


дзевачка Іна пачала тут жа клікаць на дапамогу

і вішчэць нешта тыпу «Куды вы мяне цягнеце, хлопчыкі!»

«Гвалціць!» крыкнуў Мінор у якога ўвесь гэты час

гарэлі трубы ў прадчуваньні «Варштайнэра»

«Так, вунь у лес», падтрымаў я ідэю свайго добрага сябра

бо ўява сэксу з п’янай дзевачкай Інай даўно мяне перасьледавала


як ні дзіўна дзевачка Іна крыху супакоілася

але потым пачала вырывацца як дзікая

да яе дайшло што злосны Мінор зусім не жартуе

вырывацца ў яе па п’яні хоць і ня надта добра выходзіла

але ўся сцэна насамрэч пачала нагадваць згвалтаваньне

а першай ночы каля парку Перамогі

а калі на пустым праспэкце Машэрава

аднекуль яшчэ й зьявіўся міліцэйскі «казёл»

мы зь Мінорам зноўку пераглянуліся

і я вымушана пацягнуў сваю дарагую

параненую алькаголем у самую жопу дзевачку Іну

назад у «агульнягу»

а Мінор засьпяшаўся ў «Юбілейку» па піва